Наш край
Сайт пра наваколлi Вiцебска
Смотрите в наших фотогалереях! Смотрите в наших фотогалереях! Смотрите в наших фотогалереях!
на главную | карта сайта
гостевая | контакты

КРАЯЗНАЎСТВА
Славутыя мясцiны
Славутыя людзі
Лужасна
Рознае (нарысы)
Клуб "Дзвiна"
Ваеннае краязнаўства 

ТУРЫЗМ
Маршруты
Вандроўкi
Рэкамендацыi
Уражаннi

ЭКАЛОГIЯ
Ахова прыроды
Артыкулы
Методыкi
Календар
Факты батанiцы
Кветкi

ФОТАГАЛЕРЭЯ
Гiст.-культ. славутасцi
Эка славутасцi
Краявiды
Турызм
Кветкi




 
Дзеячы Віцебшчыны М - П

Славутыя людзі

Дзеячы Віцебшчыны М - П

Манькоўскі Ігнат Антонавіч (каля 1765-11.1.1832)
       Публіцыст, асветнік, удзельнік літаратурнага жыцця на Віцебшчыне 1-й трэці 19 ст. Нарадзіўся на Віцебшчыне. Паходзіў з беларускай шляхты. Ранні перыяд біяграфіі не высветлены. Ёсць звесткі, што юнацкія гады правёў у беднасці, вучыўся "ў езуітаў" (мабыць, у адным з езуіцкіх калегіумаў). Меў значныя здольнасці, пастаянна папаўняў свае веды і стаў паеўрапейску адукаваным чалавекам. У 1783 паступіў на службу ў адну з канцылярый усходняй Беларусі, праз 4 гады - у штат беларускага генерал-губернатара перакладчыкам "па замежнай экспедыцыі". У 1793 прызначаны старшынёй дэпартамента Магілёўскага губернскага магістрата. Калі яму было за 30 гадоў, рамантычнае пачуццё звязала яго лёс з зусім юнай дачкой мясцовага вяльможы А.Макавецкага - Рахіль Антонаўнай. Ганарлівыя бацькі былі супраць яе шлюбу з бедным чыноўнікам. Манькоўскі паехаў у Пецярбург з пісьмом сваёй абранніцы да цара, здолеў выклікаць прыхільнасць імператара Паўла I, які ўзяўся быць яго сватам і апекуном. Як вясельны падарунак паводле царскіх указаў Манькоўскі атрымаў у 1797 у пажыццёвае ўладанне казённы маёнтак Буева пад Віцебскам, пазачарговы чын і даволі высокую пасаду саветніка ў Беларускім губернскім праўленні. Праз некаторы час набыў суседнюю з маёнткам вёску Мазалава і разумным гаспадараннем ператварыў яе ва ўзорны маёнтак, які атрымаў назву Мілае. У 1799-1801 быў камянец-падольскім губернскім пракурорам на Украіне, потым на той жа пасадзе ў Віцебску. Памятнымі былі для яго падзеі Айчыннай вайны 1812. Сын яго Антон, яшчэ падлетак, пайшоў добраахвотна ў армію з прывілеяванага пажскага корпуса. Пры падыходзе французаў да Віцебска Манькоўскі эвакуіраваўся з губернскімі ўстановмі ў глыб Расіі (Вялікія Лукі, Луга). Яго жонка на працягу ўсёй акупацыі заставалася ў Віцебску. Маёмасць іх, як і іншых землякоў, была разрабавана акупантамі. Вярнуўшыся ў вызвалены Віцебск, Маньклўскі з-за адсутнасці губернатара і віцэ-губернатара ўзначаліў губернскую адміністрацыю, прыняў захады, каб хутчэй наладзіць жыццё ў спустошаным краі. У красавіку 1813 ён стаў віцебскім віцэ-губернатарам. Пра вынікі акупацыі Віцебска Манькоўскі расказаў у лісце ў рэдакцыю пецярбургскага часопіса "Сын Отечества", дзе асуджаў напалеонаўскую агрэсію і наогул усе захопніцкія войны, уславіў подзвіг расійскіх воінаў у барацьбе з ворагам. Як віцэ-губернатар узяў пад сваю абарону герояў вайны - сялян в. Жарцы на Полаччыне, якіх праследавала жорсткая памешчыца. (За баі пад Полацкам, 22 селяніна, якія змагаліся ў атрадзе Максіма Маркава былі ўзнагароджаны крыжамі Санкт-Пецярбургскага апўчэння)[ф.487, воп.1, спр.147, ст.5]. Пасля адстаўкі ў 1817 жыў у сваім маёнтку Мілае, займаўся гаспадаркай, літаратурай і навукамі. Поглядамі быў блізкі да дзеячаў Асветніцтва. У 1830 прыняў удзел у конкурсе, абвешчаным пецярбургскім Вольным эканамічным таварыствам, напісаў вялікі твор, які бьгў адзначаны медалём і надрукаваны ў часопісе таварыства. У ім Манькоўскі падсумаваў свой шматгадовы вопыт сельскага гаспадара і глыбокага знаўцы народнага жыцця, патрабаваў паляпшэння бытавых умоў сялянства, выказаў каштоўныя думкі па пытаннях сельскага будаўніцтва, жывёлагадоўлі, ветэрынарыі, санітарыі, аховы прыроды і г.д. Маньклўскі - адзін з тых беларускіх дваранскіх інтэлігентаў, якія арыентаваліся на супольнасць гістарычнага лёсу Беларусі і Расіі, у яго творах шмат цікавых этнаграфічных назіранняў. Ён захапляўся жывым беларускім словам, папулярызаваў паэму "Энеіда навыварат", трэба думаць, сам пісаў па-беларуску, у сувязі з чым многія землякі і сучаснікі лічылі яго аўтарам беларускай "Энеіды".

Маралеўскі Юзаф (5.3.1777-12.8.1845)
       Паэт, педагог. Нарадзіўся ў г. Гарадок Віцебскай вобл. (паводле інш. звестак - каля Оршы). Пісаў на польскай, лацінскай, рускай мовах. У 1790 скончыў клас рыторыкі ў езуіцкай калегіі ў Оршы, вывучаў французскую мову ў Полацкай езуіцкай калегіі, лацінскую і польскую літаратуры - у Оршы. 3 1794 настаўнік у езуіцкіх калегіях у Мсціславе, Магілёве, Полацку. Быў выхавацелем у езуіцкім пансіёне ў Пецярбургу (1806-10), працаваў у настаўніцкай семінарыі і загадваў манастырскай бібліятэкай у Оршы (1810-14). Сакратар ордэна езуітаў Беларускай правінцыі (1814-16), кіраўнік Полацкай акадэміі (1816-18). У 1818 пераехаў на Валынь. Друкаваўся ў час. "Miesiecznik Polocki" ("Полацкі штомесячнік"), "Вестник Европы". Творчасць М. выяўляла характэрныя рысы літаратуры часоў пераходу ад класіцызму да рамантызму. Адначасова з класіцыстычнымі трэнамі, элегіямі, эпіграмамі, панегірыкамі, наследаваннямі Гарацыю пісаў у перадрамантычным стылі лірычныя песні, у якіх з агульнагуманістычных і хрысціянскіх пазіцый разважаў аб выхаваўчым значэнні паэзіі, выказваў замілаванне да прыроды і роднага краю.

Марашэўскі Каятан
       Беларускі і польскі драматург, асветнік 18 ст. Час і месца нараджэння невядомыя. Працаваў прафесарам рыторыкі і паэтыкі ў Забельскай дамініканскай калегіі (каля Полацка), якая ў 1780-90-я гады з'яўлялася значным цэнтрам літаратурна-тэатральнага жыцця Полаччыны. Аўтар трагедыі "Свабода ў няволі" (у 1787 пастаўлена ў мясцовым школьным тэатры, на польскай мове) і "Камедыі", якая ўпершыню апублікавана ў 1911. У "Камедыі" апавядаецца пра цяжкі лёс селяніна Дзёмкі, што працуе ад ранку да позняй ночы, але застаецца бедным, не мае грошай, нават на сярмягу, а вінаватыя ў гэтым пан, карчмар і, нарэшце, чорт - вобразнае ўвасабленне ўсіх варожых сялянству сіл. М. даволі праўдзіва паказаў грамадскія заемаадносіны ў беларускай вёсцы, цяжкую працу беларускага сялянства, яго залежнасць ад паноў і арандатараў. Аднак сацыяльны канфлікт, які абазначыўся ў "Камедыі", падмяняецца ў канцы твора маральна-этычным. Прычынай усіх бедстваў абвяшчаюцца суб'ектыўныя якасці чалавека - яго недасканаласць, недастатковая сіла волі. Аўтар заклікае сялян слухацца пана, не красці яго маёмасці. Непаслядоўнасць, супярэчлівасць і асветніцкая абмежаванасць светапогляду М. aсабліва выяўляюцца ў заключным павучальным маналогу Дзёмкі. У адным выпадку аўтар як прыхільнік ідэй Асветніцтва сцвярджае прыродную роўнасць усіх людзей, асноўным крытэрыем у ацэнцы чалавека абвяшчае яго розум, у другім - лічыць існуючае сацыяльнае становішча непахісным, дадзеным ад Бога. Нягледзячы на такую непаслядоўнасць, М. выявіў і пэўнае асветніцкае вальнадумства, паказваючы рэальныя супярэчнасці прыгоннай вёскі, умовы працы і побыту сялянства. Вельмі важным на той час было і тое, што галоўны станоўчы герой - просты селянін, а большасць сцэн напісана беларускай гутарковай мовай. Ідэі Асветніцтва выказаны і ў трагедыі "Свабода ў няволі", дзе галоўны герой - рымскі палкаводзец Велізарый - інтарэсы Радзімы ставіць вышэй за свае асабістыя. Творы М. захаваліся ў рукапісным зборніку, які зберагаецца ў бібліятэцы АН Літвы.

Марцінкевіч Геранім Францавіч (14.7.1816 -пасля 1864?)
       Паэт, празаік, драматург. Нарадзіўся ў в. Тулава Віцебскага павета. Паходзіў са збяднелага шляхецкага роду Марцінкевічаў герба "Лебедзь" (да другога адгалінавання гэтага роду належаў В.Дунін-Марцінкевіч). Вучыўся ў Віцебскім базыльянскім вучылішчы, адкуль з 1832 перайшоў у губернскую гімназію. Паводле архіўных звестак, у 1834 віцебскі павятовы маршалак шляхты прасіў уладкаваць бедных вучняў гімназіі Гераніма Марцінкевіча і яго брата Аляксандра на казённы кошт, але яму было адмоўлена "за недастатковасцю законных дакументаў аб дваранстве". У 1835 М. паспяхова скончыў гімназію і ў тым жа годзе паступіў на юрыдычны факультэт Маскоўскага універсітэта. Колькі ён там правучыўся - невядома, але закончанай універсітэцкай адукацыі не атрымаў. Каб зарабляць на хлеб, перайшоў на службу ў Віцебскае губернскае праўленне, потым па невядомых прычынах звольніўся. У канцы 1849 "адстаўны канцылярскі служыцель" Марцінкевіч атрымаў ад віцебскага губернатара дазвол зноў паступіць на службу - на гэты раз у дваранскую дэпутацкую зборню. За 11 гадоў даслужыўся да невысокага чыну губернскага сакратара. На пачатку 1860-х гадоў разбіты паралічом. У 1864 у віцебскіх установах вялася перапіска пра афармленне яму пенсіі. Далейшых біяграфічных звестак няма. Падтрымліваў сяброўскія адносіны са сваім земляком і равеснікам А.Вярыгам-Дарэўскім і яго братам Сымонам, арганізатарам публічнай чытальні ў Віцебску, у 1843 прысвяціў ім верш "Захад сонца". Літаратурнай дзейнасцю Марцінкевіч пачаў займацца ў 1830-я гады. Супрацоўнічаў у часопісе "Rubon" ("Рубон") і інш. рэгіянальных выданнях. У 1845 надрукаваў у віленскага выдаўца Ю.Завадскага томік сваіх польскамоўных паэтычных твораў (тыраж каля 500 экз.). У 1848 выдаў другую кнігу, куды ўвайшлі драма "Час над Дзвіной", паэма "Першае падзенне чалавека", пераклады з І.В.Гётэ і М.Лермантава.
       Трэцяя яго кніга - стракаты ў жанравых адносінах зборнік "Творы, напісаныя між іншым" (нарысы, замалёўкі, вершы) - выйшла ў 1858. Драма "Падарожны" не была апублікавана. Марцінкевіч быў прагрэсіўным правінцыяльным літаратарам, актыўным удзельнікам літаратурна-культурнага жыцця Віцебска. У сваіх творах выказваў трывогу за лёс народа, спадзяванні на лепшую будучыню, сатырычнымі фарбамі маляваў добра знаёмае яму чыноўніцкае асяроддзе.
       Ад глыбокай цікавасці да народнай культуры (вядомы яго пераклады на польскую мову беларускіх песень) ён сам перайшоў да творчасці на беларускай мове (камедыя "Аказія падпалкоўніцам" або "Аказія пры палкоўніцах", якая нібыта ставілася на віцебскай аматарскай сцэне А.Вярыгам у 1861-62 і захоўвалася ў маёнтку Селігоры на Лепельшчыне). Даследчыкі ідэнтыфікуюць гэты твор з п'есай "Адвячорак. Аказія ў карчме пры Фальковічах" (1858), тэкст якой (праз A.Рыпінскага, М.Піятуховіча і інш.) у копіі дайшоў да нашага часу і зберагаецца ў ЦДАМЛіМ Беларусі. Асобныя аўтографы твораў Марцінкевіча захоўваюцца ў Вільнюсе.

Мікуцкі Станіслаў Паўлавіч (7.11.1814-6.9.1890)
       Філолаг, славяназнавец, педагог. Нарадзіўся на Беласточчыне ў сялянскай сям'і. Пасля заканчэння павятовага вучылішча (1830) быў на вайсковай службе (1838-42), потым жыў у вёсцы, дапамагаў бацькам па гаспадарцы. У 1845 атрымаў пасведчанне настаўніка і на працягу некалькіх гадоў даваў прыватныя ўрокі. Не маючы сродкаў, каб працягваць адукацыю, самастойна вывучаў мовы і рыхтаваўся да паступлення ва універсітэт. У 1847 залічаны на гістырокафілалагічны факультэт Маскоўскага універсітэта. Яшчэ студэнтам падрыхтаваў шэраг прац па параўнальным мовазнаўстве частку з якіх паслаў на рэцэнзаванне І.Й.Шафарыку. Натхнёны яго падтрымкай, Мікуцкі яшчэ з большай зацікаўленасцю пачаў займацца вывучэннем славянскіх і інш. моў. Пасля заканчэння універсітэта (1851) пакінуты ў ім для падрыхтоўкі магістэрскай дысертацыі. У 1850-я гады па заданні Акадэміі навук падарожнічаў па Літве і Беларусі, збіраў матэрыялы для беларускага і літоўскага слоўніка. 3 1863 працаваў у Варшаўскай бібліятэцы. У 1873-88 дацэнт на кафедры параўнальнага мовазнаўства Варшаўскага універсітэта, выкладаў славянскае мовазнаўства. Галоўным кірункам навуковай дзейнасці Мікуцкага было вывучэнне літоўскай і славянскіх моў у параўнанні з іншымі індаеўрапейскімі мовамі. Шмат каштоўнага фактычнага матэрыялу і цікавых назіранняў у яго "Справаздачах..." (1853-56. вынік паездкі па Літве і Беларусі), за якія Маскоўскі універсітэт у 1878 прысудзіў яму ганаровы дыплом доктара параўнальнага мовазнаўства. Мікуцкі збіраў таксама беларускі фальклор, апублікаваў "Беларускія песні і загадкі, запісаныя ў Віцебскай губерні ў маёнтку Зябкі Дрысенскага павета" (1853). З'яўляецца аўтарам працы "Беларускія словы" (1854).

Міхановіч Ян (1783-1814) Полацк
       Рэлігійны дзеяч, езуіт. Працаваў выкладчыкам славеснасці ў Полацкім калегіуме. Пакінуў у рукапісах лацінскія вершы, пераклады на польскую мову трагедый Еўрыпіда "Фінікіянкі" і інш. Зроблены ім дакладны пераклад гучнымі вершамі "Арэста" выдадзены ў 1818 у Полацку.

Нікіфароўскі Мікалай Якаўлевіч (17.05. 1845-10.06. 1910)
       Беларускі этнограф-фалькларыст, асветнік. Правадзейны член таварыства аматараў прыродазнаўстваі этнаграфіі маскоўскага універсітэта (з 1890), рускага геаграфічнага таварыства (з 1897). Нарадзіўся ў в. Вымна на Віцебшчыне ў сям'і дзяка мясцовай царквы. Пачатковую адукацыю атрымаў у прыватнай сельскай школе. 3 1855 на працягу 6 гадоў вучыўся ў Віцебскім духоўным вучылішчы. У 1861 як лепшы вучань прыняты на казённае ўтрыманне ў Віцебскую духоўную семінарыю, якую скончыў у 1867. Прапанову прадоўжыць адукацыю ў Пецярбургскай духоўнай акадэміі не змог прыняць з-за адсутнасці сродкаў і вымушаны быў шукаць працу. Пасля перападрыхтоўкі ў кастрычніку 1867 прызначаны настаўнікам народнага вучылішча ў в. Лоўжа. Пазней працаваў настаўнікам у гімназіях ў Віцебску і Віцебскай губ., у Свіслацкай і Маладзечанскай семінарыях. Зяўленне ў Віцебску этнографа П. Шэйна ўзмацніла цікавасць Нікіфароўскага да вывучэння побыту, культуры і творчасці беларускага народа. Больш як 20 гадоў Нікіфароўскі быў карэспандэнтам Шэйна, а з 1890-х гадоў выступаў з самастойнымі працамі. Апублікаваў каля 20 даследаванняў па этнаграфіі, фальклоры і гістрыі Віцебшчыны, якія з'яўляюцца каштоўнай крыніцай для вывучэння матэрыяльнай і духоўнай культуры беларусаў, іх вуснапаэтычнай творчасці. Грамадскаму побыту і сацыяльна-эканамічнаму становішчу розных слаёў і груп насельніцтва Віцебшчыны Нікіфароўскі прысвяціў серыю публікацый у часопісе "Этнографическое обозрение" пад агульнай назвай "Нарысы Віцебскай Беларусі" (ч.І-8, 1892-99): "Старцы", "Дудар і музыка", "Памагатыя жыхара", "Падданыя памагатыя", "Пітушчыя і прапойцы", "Гульні і гуляючыя", "Бабы, або жонкі", "Збегі, прочкі, вонкі, ухадалы". Пытанні грамадскага побыту насельніцтва закранаў у працы "Старонкі з нядаўняй мінуўшчыны горада Віцебска" (1899). Ён аўтар першай спецыяльнай працы па матэрыяльнай культуры і вытворчай дзейнасці сельскага насельніцтва "Нарысы простанароднага жыцця-быцця ў Віцебскай Беларусі і апісанне прадметаў ужытку (Этнаграфічныя звесткі)" (1895). У 1-м раздзеле гэтай кнігі "Ежа, едзіва, паядуха, прорава, жратва, момна" даў грунтоўную характарыстыку харчавання і класіфікацыю страў, іх прыгатаванне, гатункі хлеба; паказаў змены ў народнай кулінарыі пасля адмены прыгоннага права. У 2-м раздзеле разглядаў адзенне і абутак, іх асобныя часткі, пакрой матэрыялаў, спосабаў нашэння ўпрыгожанняў і інш. Апісаў працоўныя працэсы ад апрацоўкі лёну да пашыву адзення. У 3-м раздзеле Нікіфароўскм грунтоўна апісаў сельскія паселішчы, сядзібы, жыллё і гаспадарчыя будынкі, іх будаўніцтва і прызначэнне, інтэр'еры жылых памяшканняў, жыццёвыя працэсы і побытавыя абставіны. У апошнім раздзеле даў характарыстыку земляробства, промыслаў і рамёстваў, прылад працы, прадметаў хатняга ўжытку і інш. Сярод яго фальклорных збораў: "Беларускія песні-частушкі" (1911), "Простанародныя загадкі" (1898), "Напаўпрыказкі і напаўпрымаўкі, якія ўжываюцца ў Віцебскай Беларусі" (1910-13), "Напаўпрыказкі - напаўпрыслаўкі" (1928). Пра вераванні, абрады, паданні працы Нікіфароўскага "Простанародныя прыкметы і павер'і, прымхлівыя абрады і звычаі, легендарныя паданні пра асобы і мясціны" (1897, 2307 запісаў), "Нячысцікі: Збор простанародных у Віцебскай Беларусі паданняў пра нячыстую сілу" (1907). Сваімі даследаваннямі па этнаграфіі, фальклоры і гісторыі Беларусі Н. абараняў свой народ ад розных фальсіфікатараў гісторыі (польскіх нацыяналістаў і рускіх вялікадзяржаўных шавіністаў), якія адмаўлялі яго права на самастойнае нацыянальнае развіццё.

Пагарэльскі Платон Мікалаевіч (1800-1852)
       Матэматык, педагог. Нарадзіўся ў Віцебскай губ. ў шляхецкай сям'і. Скончыўшы Віцебскую гімназію, вучыўся на фізікаматэматычным факультэце Маскоўскага універсітэта, па сканчэнні якога ў 1822 атрымаў пасаду выкладчыка матэматыкі ва Універсітэцкім высакародным пансіёне. У 1827 абараніў дысертацыю "Пра спосабы вызначэння ўдзельнай вагі цел..." на ступень магістра фізіка-матэматычных навук. У 1829 старшы выкладчык фізікі і матэматыкі ў Маскоўскай губернскай гімназіі, з 1830 выкладаў аналітычную геаметрыю ў Маскоўскім выхаваўчым доме і ў жаночым аддзяленні Сіроцкага інстытута. Выкладанне матэматыкі на той час ускладнялася адсутнасцю ў Расіі належных падручнікаў. Пагарэльскі пераклаў на рускую мову і дапоўніў "Курс чыстай матэматыкі...", складзены французскімі матэматыкамі Алезам, Білі і інш. для ваенных школ. Гэты дапаможнік атрымаў у Расіі шырокае распаўсюджанне і пазней неаднаразова перавыдаваўся. У 1836 Пагарэльскі прызначаны інспектарам Маскоўскай губернскай гімназіі. На гэтай пасадзе ён палепшыў якасць навучання новым замежным мовам у гімназіі. 3 1839 Пагарэльскі -дырэктар зноў створанай Маскоўскай рэальнай гімназіі, а ў 1841 атрымаў пад сваё кіраўніцтва маскоўскія гарадскія і павятовыя вучылішчы і пачатковыя школы. Нязначныя матэрыяльныя сродкі, што выдзяляліся для новай гімназіі, рабілі становішча яе кіраўніка даволі складаным. Але дзякуючы іх рацыянальнаму выдаткаванню Пагарэльскі здолеў наладзіць працу. Для падрыхтоўкі выкладчыкаў па прадметах, якім не навучалі ў айчынных універсітэтах, Пагарэльскі накіраваў двух кандыдатаў у замежныя універсітэты. Для бібліятэкі гімназіі былі набыты найноўшыя і лепшыя творы, для вучэбных кабінетаў - мадэлі, машыны і іншае абсталяванне. Пры гімназіі быў адкрыты педагагічны клас, дзе праходзілі перападрыхтоўку тыя, хто жадаў атрымаць пасаду настаўніка пачатковых школ. 3 дапамогай экзаменаў і выпрабавальных урокаў Пагарэльскі адбіраў з ліку прэтэндэнтаў лепшых настаўнікаў. У выніку яго дзейнасці ўзровень выкладання ў пачатковых школах Масквы і наваколля значна павысіўся і Міністэрства народнай асветы патрабавала, каб пецярбургскія пачатковыя школы працавалі на ўзор маскоўскіх.

Пагоскі Аляксандр Фаміч (9.3.1816-7.9.1874)
       Педагог, пісьменнік, выдавец. Паходзіў з дваран Віцебскай губерніі. 3 маленства выхоўваўся ў арыстакратычнай сям'і былога магілёўскага губернатара І.Маркава. У 1829 паступіў у Вышэйшае вучылішча ў Пецярбургу, якое, аднак, у хуткім часе пакінуў. 16-гадовым юнаком быў залічаны на вайсковую службу. У 1843 выйшаў у адстаўку ў чыне падпаручніка і нейкі час працаваў камісіянерам у Дэпартаменце карабельных лясоў. Частыя службовыя раз'езды па Расіі далі яму магчымасць блізка пазнаёміцца з побытам рускага народа і назапасіць багаты матэрыял для творчай работы. Пасля скасавання дэпартамента Пагоскі ў 1859 звольнены з пасады і цалкам аддаўся літаратурнай і асветніцкай дзейнасці. Яшчэ ў 1858 яго запрасілі для выдання часопіса "Солдатская беседа", які ён рэдагаваў да 1863. У 1862 Пагоскі распачаў выданне часопіса "Народная беседа". Невялічкага фармату кніжкі часопіса апрача белетрыстычных твораў змяшчалі інфармацыю пра сучасныя падзеі грамадскага жыцця, афіцыйную хроніку і г.д. - даступнае народнаму разуменню чытанне. Сярод супрацоўнікаў часопіса і яго аўтараў былі А.М.Майкаў, М.А.Някрасаў, А.Сляпцоў і інш. пісьменнікі. У 1867 П. заснаваў новы часопіс - "Досуг и дело", які меў значны поспех (выдаваўся і пасля смерці рэдактара). У сваіх творах, напісаных жывой народнай мовай, праводзіў думку пра неабходнасць пісьменнасці і адукацыі для простага чалавека. Асвету ён лічыў галоўным звяном, што звязвае ўсіх людзей. Аўтар п'ес "Няздольны чалавек", "Лёгкая дабаўка", "Чаму быць, таго не мінуць" і інш. Поўны збор твораў Пагоскіна выйшаў у 4 тамах у 1899-1901.                                                                                                                                                                        

назадуверхда хаты